Карціна Язэпа Драздовіча "Космас"

Гэта уласныя назіранні.
Сустрэча з цудам
(усяго адна карціна Я. Драздовіча)
Тое, што Я. Драздовіч распачаў касмічную тэму ў беларускім выяўленчым мастацтве, ведаюць усе. Але не аб гэтым размова. Я хачу распавесці пра тыя ўзрушэнне і здзіўленне, якія адчула, упершыню ўбачыўшы (не, не карціну, а  толькі яе рэпрадукцыю) “Космас” мастака - найлепшы жывапісны твор  з такой неабдымнай назвай.

… Бяздонная, бязмежная сінь космасу – і ў ім лунае між зорак і планет сівы мудры Творца ўсяго існага, у абліччы якога пазнаецца сам мастак, яго блакітныя вочы і апантаная вера, што розум чалавека загляне ў таямніцы Сусвету. Сапраўды, калі Бог стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству, дык чаму не быць Богу абліччам падобным на мастака!
Наіўна думаць, што на карціне “Космас” Я.Драздовіч намаляваў  самога сябе ў космасе, што гэта ягоны аўтапартрэт на фоне касмічнай бездані сярод  зорак і планет.
Па-мойму, карціна заключае ў сабе глыбокі філасофскі сэнс: космас бязмежны, магутны, загадкавы і прыцягальны адначасова.
Творца Космасу – Бог - трымае ў пальцах  узнятай рукі толькі што створаную ім новую планету Зямля, якая ў магутных пальцах Творцы выглядае такой жа маленькай і бязважкава лёгкай, як тэнісны шарык. Яшчэ імгненне – і гэты шарык, наша Зямля – будзе  адпушчаны, выкінуты ў свой вечны касмічны палёт.

Зямля, Сатурн з кольцамі такія маленькія, цацачныя ў параўнанні з постаццю Творцы, такія слабыя і залежныя ад яго волі, што неадольна ўзнікае думка аб хрупкасці жыцця наогул.
Карціна “Космас” уражвае да глыбіні душы, прымушае ўспамінаць яе раз-пораз, выклікае захапленне і здзіўленне перад геніем мастака: як Драздовіч дадумаўся ствараць ў гледача роздум аб сэнсе жыцця і яго вытоках, аб космасе і месцы чалавечай цывілізацыі ў ім?
Думаю,  што і ў карціну “Космас”, і ў іншыя касмічныя пейзажы Драздовіч  пераносіць свае чалавечыя мары пра хараство і гармонію, якіх так не хапае яму ў беспрытульным вандроўным жыцці, напоўненым нястачамі і неўладкавальнасцю.


Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Выхаваўчы аспект урока

Выкарыстанне сучасных метадаў, прыёмаў і тэхналогій для развіцця ў вучняў матывацыі да вывучэння беларускай мовы.